flag

Belarus

photo_1_2025-04-10_08-23-12.jpg

photo_1_2025-04-01_12-02-19.jpg

 

photo_1_2024-12-23_12-57-19.jpg

photo_1_2025-04-21_09-08-26.jpg

Версия для слабовидящих

Новости колледжа

100 гадоў з дня нараджэння А. Я. Макаёнка

06.11.2020

1

12 лістапада 100 гадоў з дня нараджэння

А. Я. Макаёнка

(1920-1982),

драматурга, народнага пісьменніка Беларусі

Нарадзіўся А.Макаёнак у в.Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе, пасля заканчэння якой паступіў у ваеннае вучылішча. Аднак вайсковая служба не стала яго прызваннем. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў масавіком раённага Дома культуры.

Восенню 1939 г. прызваны ў армію, служыў на Каўказе, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Быў у складзе Феадасійска-Керчанскага дэсанта, атрымаў цяжкае раненне. Каля пяці месяцаў лячыўся ў шпіталях Краснадара і Баку. У 1942 г. А.Макаёнак быў прызнаны непрыгодным да вайсковай службы. Пасля дэмабілізацыі выкладаў ваенную справу ў грузінскай школе. Калі была вызвалена Гомельшчына, вярнуўся дадому і адразу ўключыўся ў работу. Скончыўшы ў 1949 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, А.Макаёнак пачаў працаваць загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык». У 1966-1977 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман».

Актыўная літаратурная творчасць А.Макаёнка пачалася з ваенных дзённікаў, розных замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, сцэнак і нататак, што пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, а таксама з прызначаных для часопіса «Вожык» гумарэсак і фельетонаў. Упершыню выступіў у друку ў 1946 г. з аднаактовай п’есай «Добра, калі добра канчаецца». Твор быў адзначаны дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. Да пачатку 1950-х гг. напісаў яшчэ некалькі аднаактовых п’ес, якія вызначаліся адметнай мастацкай выразнасцю, праблемнасцю, актуальнасцю: «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе», «Крымінальная справа», «Першае пытанне», «Аксеніна цялушка», а таксама шматактовыя: «Ворагі», «Узыходы шчасця», «Выйгрыш».

У часопісе «Вожык» папулярнасцю карысталася рубрыка «Выбачайце, калі ласка», заснавальнікам і асноўным аўтарам якой быў
А.Макаёнак. Публікацыі пісьменніка вызначаліся бескампраміснай вастрынёй выкрыцця розных прайдзісветаў, махляроў, няшднікаў.

Першай сур’ёзнай спробай А.Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса «На досвітку» (1951), спектакль па якой быў пастаўлены рэжысёрам К.Саннікавым у 1952 годзе ў тэатры імя Янкі Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Твор апавядае пра барацьбу французскіх рабочых за свае правы. I хоць спектакль карыстаўся поспехам, драматург адчуваў, што павінен звярнуцца да беларускай рэчаіснасці, вясковага жыцця. Менавіта гэта грамадзянскае адчуваннне і дапамагло А.Макаёнку здзейсніць сапраўды творчы подзвіг – напісаць вострую, выкрывальную сатырычную камедыю «Выбачайце, калі ласка!» (1953). П’еса была пастаўлена Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа (1953) і Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы (1954), больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі.

У новых сатырычных камедыях «Каб людзі не журыліся» (1958) і «Лявоніха на арбіце» (1961) драматург працягваў раскрываць праблемы вясковай рэчаіснасці, пытанні калгаснага будаўніцтва, паказваць людзей з абывацельскай псіхалогіяй, асэнсоўваць жыццёвыя клопаты вяскоўцаў.

Росквіт творчасці драматурга прыпаў на 70-я гады мінулага стагоддзя.

У 1974 г. А.Макаёнак за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я.Коласа. У 1970-я гг. з’явіліся сатырычная камедыя трагікамічнага плана «Кашмар» (сцэнічная назва «Святая прастата», 1974), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979), трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (1982). У апошняй гучыць пісьменніцкі пратэст супраць шалёнай гонкі ўзбраенняў і пагрозы тэрмаядзернай вайны.

Асобнае месца ў творчасці А.Макаёнка займае п’еса «Пагарэльцы» (1980). Гэта трагікамедыя, дзе ўзнімаюцца балючыя сацыяльна-маральныя праблемы жыцця, і па сённяшні дзень гучыць актуальна.

Усе п’есы драматурга вызначаюцца арыгінальнасцю формы і зместу. Пяру А.Макаёнка належаць пераклады многіх п’ес: «Дабракі» Л.Зорына, «Блакада» У.Іванова, «Чацвёрты» К.Сіманава і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы «У адзінай сям’і» (1957), «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Пасля кірмашу» (1973) і інш.

Андрэй Макаёнак – мастак яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Яго імем названы Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка, сярэдняя школа ў Журавічах, дзе створаны літаратурны музей, вуліцы ў Гомелі і Мінску.

Запрашаем пазнаёміцца з персанальнай кніжнай выставай «Талент чалавечнасці і дабрыні», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння драматурга, народнага пісьменніка Беларусі А.Макаёнка. Вашай увазе прадстаўлены выданні з фонду бібліятэкі. Месца экспанавання: чытальная зала. А таксама наведаць яе віртуальна.