flag

Belarus

photo_1_2025-04-10_08-23-12.jpg

photo_1_2025-04-01_12-02-19.jpg

 

photo_1_2024-12-23_12-57-19.jpg

photo_1_2025-04-21_09-08-26.jpg

Версия для слабовидящих

Новости колледжа

Непаўторны цуд творчага свету

08.05.2020

1

Напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне немагчыма не ўшанаваць памяць заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата шэрагу прэмій, рэжысёра, акцёра, выкладчыка тэатральных дысцыплін Ермаловіча Валянціна Іванавіча. Валянцін Іванавіч ваяваў на трох Беларускіх франтах, быў чатыры разы паранены, узнагароджаны 2 ардэнамі Айчыннай вайны і 9 медалямі. Адчуўшы на сабе ўсе жахі вайны, ён знайшоў сваё месца ў жыцці, свой працоўны шлях і асабістае шчасце.

Сёння мы ўшаноўваем памяць Валянціна Іванавіча Ермаловіча! Мы выказваем сваю ўдзячнасць яго мудрасці, рашучасці і высакароднасці! У гэтым годзе яму б споўнілася 95 гадоў.

Кожны раз, успамінаючы словы Валянціна Іванавіча, яго асцярожны завет, мы быццам атрымліваем упэўненасць і новы запал энергіі. Падчас працы, калі ўзнікалі складаныя моманты, ён заўседы казаў, што праблемы – гэта зусім не праблемы, а паказальнік нашага напрамку! Гэта своеасаблівы компас. А вырашэнні задач – гэта нашы перамогі, якія фарміруюць паспяховасць нашага жыцця, і закаляюць наш характар. А ці быў Валянцін Іванавіч сам паспяховым? Быў! І з гэтым цяжка спрачацца! Бо ўсё сваё жыццё ён аддаў сваёй любімай справе – тэатру!

У 1950 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс К.Саннікава).

У 50-я гады – акцёр Пінскага і Магілёўскага абласных драматычных тэатраў.

З 1956 па 1985 год – выкладчык тэатральных дысцыплін Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча, кіраўнік тэатра-студыі.

Адначасова Валянцін Іванавіч паспяхова кіраваў самадзейнымі тэатральнымі калектывамі Магілёўскай вобласці. З’яўляўся рэжысёрам Магілёўскага народнага тэатра Палаца культуры завода штучнага валакна (1961 – 1969 гг.), тэатральнага калектыву медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971 – 1977 гг.), Краснапольскага народнага тэатра (1978 – 1992 гг.), Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993 – 1998 гг.), народнага тэатра Палаца культуры чыгуначнікаў у Магілёве (1993 – 1998 гг.), працаваў у Магілёўскім народным тэатры Цэнтра культуры і вольнага часу (1992, 1995 – 2004 гг.), які дзейнічае і па сённяшні дзень і мае назву “Валянцін” у гонар свайго стваральніка.

Падчас творчай дзейнасці Валянцін Іванавіч паставіў больш за 130 спектакляў. Яго тэатральныя калектывы не раз былі прызнаны пераможцамі на нацыянальных і міжнародных тэатральных фестывалях.

Выконваючы такія велічэзныя аб’ёмы працы і заўсёды знаходзячыся ў творчым асяроддзі, Ермаловіч Валянцін Іванавіч навучыўся тонка адчуваць людзей і разумна кіраваць імі. Навучыўся сам і навучыў іншых спраўляцца з жыццёвымі і прафесійнымі цяжкасцямі. Прафесія тэатральнага рэжысёра і кіраўніцтва творчымі калектывамі прывілі жалезную дысцыпліну, закалілі характар, дазволілі зразумець, што задач, якія нельга выканаць, не бывае. Пры гэтым ён валодаў мужчынскай высакароднасцю, вёў размову спакойна і тактычна. Усё рабіў з высокім густам і рэдкай энергіяй.

Валянцін Іванавіч вельмі любіў моладзь, любіў знаходзіцца сярод студэнтаў і юных акцёраў. Быў да іх уважлівым, ветлівым і адкрытым. Ужо з самага першага курса навучання ўводзіў сваіх вучняў у атмасферу тэатра, у атмасферу рэпетыцый, у атмасферу спектакля. Даваў непаўторную тэатральную падрыхтоўку, якая, безумоўна, задавальняла цікавасць навучэнцаў Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча, на сцэне якога Валянцін Іванавіч паставіў 85 спектакляў.

Амаль усе пастаноўкі былі на беларускай мове. Ермаловіч Валянцін Іванавіч любіў паўтараць: “Сапраўдны работнік нацыянальнай культуры павінен быць патрыётам”. Ен разумеў, што беларуская мова – гэта галоўная адметнасць нашай нацыі, “дазваляе чалавеку ў поўнай меры раскрыць талент”. А тэатральная сцэна дапамагае не толькі захаваць, але і перадаць нашчадкам вялікі дар – узвышаны гонар за сваю родную, сапраўдную мову.

За шматгадовую працу ў галіне культуры Валянцін Іванавіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978 г.), у 1988 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь”.

Ермаловіч Валянцін Іванавіч, прапрацаваўшы ў сферы культуры 58 гадоў, унёс значны асабісты ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Магілёўшчыны.

Валянцін Іванавіч валодаў надзвычайным жыццялюбствам і моцным жыццесцвярджальным тэмпераментам. Вакол яго быў асаблівы, напоўнены цудамі свет, свет, які нельга абысці не заўважыўшы!

10

3

11

12

14