Выберите шрифт Arial Times New Roman
Интервал между символами (кернинг): Стандартный Средний Большой
«Цішыня ля жалобнай сцяны
У мястэчку пад назваю Боркі –
Тут ахвяры мінулай вайны
Неадлучна стаяць на пагорку».
Боркі – гэта вёска ў Кіраўскім раёне, якая пад час Вялікай Айчыннай вайны была спалена фашысцкімі карнікамі разам з жыхарамі. У агні ў той трагічны дзень 15 чэрвеня 1942 года загінула 1800 чалавек. Меней чым праз год такі ж жудасны лёс напаткаў і жыхароў Хатыні.
Ахвярам спаленых вёсак нашайшматпакутнай зямлі была прысвечана тэматычная праграма «Боркі. Старэйшая вогненная сястра Хатыні», якая адбылася ў каледжы напярэдадні Дня Вялікай Перамогі.
Літаратурны складнік праграмы – паэма «Марыйка», аўтар якой – вядомы магілёўскі паэт Аляксандр Казека. А ці толькі аўтар? Хутчэй – сведка па спадчыне, таму што ў аснову твора пакладзены рэальныя факты з біяграфіі яго маці – Марыі Дайнека.
«Хоць не быў я на гэтай вайне,
Не гарэў, скатаваны, у хаце,
Ды, відаць, гэты боль да мяне
З малаком перадаўся ад маці», – прызнаецца аўтар у першых радках паэмы.
Аб гэтай спадчынасці чалавечай памяці і гаварыў Аляксандр Мікалаевіч Казека (зараз старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»), выступаючы перад гледачамі пад час правядзення тэматычнага мерапрымства. «Гэта памяць, якую мы захоўваем у сваіх сэрцах. Памяць, з якой мы спраўджваем свае ўчынкі, сваю жыццёвую пазіцыю. І наша задача старэйшага пакалення перадаць вам, моладзі, нашы адносіны да гэтай памяці, каб вы, усвядоміўшы яе, здолелі потым перадаць гэта сваім дзецям дзеля жыцця на зямлі».
Мастацкую частку праграмы склалі вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Чатыры сыны», інструментальнае папуры на тэмы песен аб Вялікай Айчыннай вайне і вакальныя творы ў выкананні навучэнцаў і выкладчыкаў калледжа.
Дзень Перамогі – вялікае свята ўрачыстасці святла над цемрай, жыцця над смерццю. І за тое, каб мы сення маглі жыць, згарэлі ў агні вайны жыцці тысячаў людзей з вогненных весак Беларусі. Заўжды памятай аб гэтым, сучаснік!